ЭЛЕКТРАДЫНАМІ́ЧНЫ ГУЧНАГАВАРЫ́ЦЕЛЬ, дынамік,
найбольш пашыраны від гучнагаварыцеля, прынцып дзеяння якога грунтуецца на ўзаемадзеянні шпулі з токам, далучанай да крыніцы эл. ваганняў, з полем пастаяннага магніта. Адрозніваецца найб. высокай якасцю гучання.
Выпрамяненне гукавых хваль адбываецца непасрэдна (Э.г. прамога выпрамянення) або праз рупар (рупарны гучнагаварыцель). Э.г. бываюць вузка- (найб. пашыраны) і шырокапалосныя. Для ўзнаўлення гуку ў шырокай паласе частот з некалькіх вузкапалосных гучнагаварыцеляў (з рознымі палосамі частот) фарміруюць т.зв. акустычную сістэму. Выкарыстоўваюцца ў радыёпрыёмніках, магнітафонах, электрафонах, тэлевізарах і інш.
т. 18, кн. 1, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)